13 May 2024
Інструктар навучальнага цэнтра ехаў ва Украіну валанцёрам і зусім не збіраўся ваяваць. Спецыяльна для прэсс-службы Палка ён распавёў аб побыце і раскладзе дня ў навучальным цэнтры, а таксама аб сваім шляху да інструктарскай справы.
Я ўкраінец па нацыянальнасці і першапачаткова я ехаў ва Украіну валанцёрам. Я не збіраўся ваяваць. Але пры перасячэнні мяжы ў мяне ўзніклі праблемы з-за беларускага пашпарта. І я зразумеў, што іншых варыянтаў няма і трэба нешта большае, чым проста валанцёрыць. Я ведаў, што рэкрутаў набіраюць у «Беларускім Доме» у Варшаве. І ўжо там я даведаўся, што патрапіў у Полк Каліноўскага. Я мусіць быў адзіны з хлопцаў, хто не ведаў наогул нічога.
Так атрымалася, што калі мы скончылі праходзіць чатырох тыднёвую праграму навучання, недалёка ад нас знаходзіліся нашы сумежнікі. Іх брыгада была на стадыі фармавання. Шмат асабовага складу, але адсутнасць інструктараў увогуле. Мы з імі пазнаёміліся і паступіла просьба: патрэніраваць хлопцаў таму, што мы самі толькі што вывучылі. Асновы абыходжання са зброяй, асновы тактыкі. Я і яшчэ адзін хлопец тады іх патрэніравалі і я падумаў: «Блін, мне падабаецца, прыкольна».
І ўжо пазней, пасля баявой задачы, мяне моцна «паплавіла». Было шмат трохсотых. Я ведаю, што некаторыя хлопцы пасля такога з'язджаюць у Польшчу. Але я хацеў дапамагаць. І так супала, што тады патрэбны былі інструктары ў навучальны цэнтр. І я падумаў: «чаму б не паспрабаваць?». Тады я яшчэ не ведаў усіх цяжкасцяў, аб тым што гэта сталая праца над сабой. Калі людзі ідуць адпачываць, ты садзішся за канспекты, чытаеш літаратуру, глядзіш відэа і ўвесь час вывучаеш нешта новае.
Працэс падрыхтоўкі моцна змяніўся, зараз гэта можна па-сапраўднаму назваць навучальным цэнтрам. Я нават кажу не пра бытавыя ўмовы, таму што бытавыя ўмовы, з якімі тут зараз сутыкаюцца рэкруты, гэта лепшае, што было ў Палку. Раней там спалі па 17 чалавек у адным пакоі. Або па 13 чалавек у невялікім пакойчыку. Цяпер тут ці ледзь не нумары ў гатэлі.
Найперш я кажу пра навучальны працэс. У нас быў адзін інструктар на ўсе дысцыпліны, апроч тактычнай медыцыны. Лекцый у нас не было ад слова зусім. Мы прыходзілі на заняткі і нам адразу давалі зброю. У працэсе заняткаў узнікалі пытанні, за кожны з якіх мы атрымлівалі наказ адціскацца ад падлогі. Таму даводзілася ўсё схопліваць на ляту.
Цяпер усё інакш. У навучальным цэнтры рэкруты атрымліваюць базу, шкілет неабходных ведаў. А ўжо на палігоне яны нарошчваюць мышцы на гэты шкілет, калі адпрацоўваюць веды на практыцы і атрымліваюць дадатковыя навыкі.
Расклад дня ў навучанні выглядае так. Пад'ём у шэсць раніцы. Зарадка на працягу 20-25 хвілін, затым ранішні туалет. Калі можна схадзіць у душ, папіць гарбату, каву. Пасля – страявая падрыхтоўка і пабудова, дзе даводзіцца план заняткаў на сёння. Прыём ежы, першы сняданак. І прыкладна з дзевяці пачынаюцца заняткі. Заняткі ідуць да абедзеннага перапынку, прыкладна да гадзіны, да дзвюх. Абедзенны перапынак, хвілін 40 і другая частка занятку.
У лепшым выпадку рэкруты вызваляцца ў шэсць вечара. У горшым выпадку бывае, што вызваляюцца ў восем трыццаць ці нават бліжэй да дзевяці. Затым праходзіць вячэрняе пастраенне і ў дзесяць адбой. Як правіла, да гэтага часу рэкруты ўжо жадаюць спаць. Але калі не, то галоўнае не мяшаць іншым.
Самы нечаканы фідбэк, які я атрымаў ад рэкрутаў, гэта кальян. Адзін з заездаў падарыў. Праўда, так выйшла, што ў нас ніводны з інструктараў не паліць кальяны. Таму ён прыгожа стаіць і чакае сваёй гадзіны. Вельмі часта гавораць дзякуй. І вельмі прыемна, калі пасля навучальнага цэнтра людзі едуць на палігон і іх за нешта там хваляць.
І яшчэ вельмі круты фідбэк, які ніхто не дае. Але ты бачыш гэта сам, калі прыходзяць новыя, учорашнія грамадзянскія і проста не разумеюць да канца, што адбываецца навокал. А праз чатыры тыдні ты бачыш людзей, з якім ты ведаеш, у якой менавіта экстранай сітуацыі ты хацеў бы, каб ён быў побач з табой. Вось гэта класна, супер.
01 June 2024
20 May 2024
15 May 2024
13 May 2024
09 May 2024
01 May 2024
Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам