29 November 2023

“Шлях да волі” — што абмяркоўвалі на канферэнцыі Палка

29-30 лістапада ў Кіеве праходзiць iніцыяваная фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыя «Шлях да волі». Сабралася на яе больш за 100 беларускiх грамадскiх актывістаў i добраахвотнікаў. На мерапрыемстве разглядаецца агульная стратэгія прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху і фармуецца кансультацыйная пляцоўка для рэалізацыі гэтай стратэгіі. Вынікі першага дня канферэнцыі зафіксаваныя падпісанымі дакументамі.

Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі «Шлях да волі». Фота прэс-службы Палка Каліноўскага

“Беларускія вайскоўцы — галоўныя героі гэтай сустрэчы”

Вітальныя звароты ўдзельнікам канферэнцыі прагучалі ад уплывовых палітычных дзеячаў як Беларусі, так і Украіны. Святлана Ціханоўская ў сваім выступленні выказала падзяку палку Кастуся Каліноўскага за арганізацыю канферэнцыю, падкрэсліўшы яе надзвычайную важнасць: “Дазвольце выказаць сваё захапленне і глыбокую павагу беларускім добраахвотнікам з палка Кастуся Каліноўскага і іншых фармаванняў. Вы сапраўдныя героі, якія кожны дзень рызыкуюць усім дзеля свабоды Беларусі і Украіны. Беларусь ніколі не забудзе вашай мужнасці і самаадданасцi. Я заклікаю беларусаў далучацца да беларускіх ваяроў».

«Я хачу найперш звярнуцца да беларускіх вайскоўцаў, якія вядома ж з'яўляюцца галоўнымі героямі гэтай сустрэчы, — заявіла старшыня рады БНР Івонка Сурвіла.Вы, войска свабоднай Беларусі, знаходзіцеся ў самым цэнтры тых важных падзеяў, што адбываюцца цяпер. На вас ляжыць найважнейшая місія. Вы абараняеце гонар Беларусі ў часы, калі дыктатар Лукашэнка імкнецца зганьбіць Беларусь сваім саўдзелам у драпежнай расiйскай вайне. Я жадаю поспехаў сённяшняй важнай канферэнцыі».

 

Міжфракцыйнае аб’яднання дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны ў сваю чаргу звярнулася на канферэнцыi да прэзідэнта Украіны, кабінету міністраў Украіны і Вярхоўнай Рады Украіны з заклікам зрабіць усё магчымае для падтрымкi беларускага руху супраціву і барацьбы за волю ў суседняй дзяржаве.

Харужыя замест прапаршчыкаў. Як будзе выглядаць будучае войска вольнай Беларусі

Геральдычная рада “Пагоня”, якая разам з прадстаўнікамі палка Каліноўскага ўжо працяглы час працуе над уніформай будучай беларускай арміі, не толькі паказала свае напрацоўкі, але і абгрунтавала неабходнасць і істотнасць гэтай працы. Як зазначылі прадстаўнікі Геральдычнае рады, нават чальцы паўстання Касцюшкі выраблялі ў акопных умовах уласныя знакі адрознення, бо элементы вайсковай уніформы маюць увасабляць ідэалы, якіх трымаюцца байцы. У прадстаўленых эскізах, распрацаваных для беларускага войска, цэнтральнае месца займаюць асноўныя нацыянальныя сімвалы: герб “Пагоня”, шасціканцовы крыж ВКЛ і васьміканцовая зорка Усяслава Полацкага, якая дэманструе пераемнасць са старажытнай гісторыяй Беларусі, у адрозненні ад пяціканцовай чырвонай зоркі — сімвалу бальшавіцкіх злачынстваў. “Харужыя замест прапаршчыкаў — так будзе выглядаць беларуская армія”акрэслілі выступоўцы.

Найважнейшыя пытанні на канферэнцыі былі абмеркаваныя на трох панэльных дыскусіях. Яны тычыліся беларуска-ўкраінскіх адносін, агульнапалітычнай дыскусіі і панэлі аб стратэгіі дэмакратычных сіл, якую яны павінны выпрацаваць для перамогі. Скразнымі тэзамі абмеркаванняў былі: кансалідацыя ўсіх палітычных сілаў для вызваленчай барацьбы і беларускім народзе — як асноўнай сіле нацыянальнай барацьбы.

Анатоль Лебедзька. Фотаздымак Прэс-службы ПКК
Анатоль Лябедзька. Фота прэс-службы Палка Каліноўскага

Будучыня беларуска-ўкраінскіх адносін

Плённым было абмеркаванне беларуска-ўкраінскіх адносін: Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што “падтрымка Украіны стала часткай нашага штодзённага супраціву”, узгадаўшы апроч беларускіх добраахвотнікаў у складзе ЗСУ і шырокі народны рух у Беларусі па супрацьдзеянню агрэсіі ад акцый салідарнасці да гераічных дыверсій рэйкавых партызанаў. У сваю чаргу дэпутат Вярхоўнай Рады Багдан Яроменка патлумачыў украінскі погляд на зносіны з Беларуссю, нагадаўшы, што Украіна адначасова вымушаная працягваць адносіны і з афіцыйным Мінскам, каб перадухіліць магчымую агрэсію з боку лукашэнкаўскіх структур, але і падтрымліваць кантакты і з дэмакратычнай супольнасцю Беларусі. “Але ў сэрцах у нас ёсць толькі адносіны з беларускім народам, і гэта адносіны любові” — рэзюмаваў дэпутат. Адразу ад некалькіх удзельнікаў прагучала меркаванне аб недарэчнасці тэрміна “беларуская апазіцыя”: па меркаваннях выступоўцаў “Апазіцыя — гэта тыя сілы, якія прайграюць на выбарах. А мы перамаглі. Таму варта казаць пра дэмакратычную супольнасць Беларусі, а не пра апазіцыю”.

Менавіта панэль аб стратэгіі выклікала найбольш гарачыя дыскусіі сярод удзельнікаў канферэнцыі. Удзел у панэльных дыскусiях прынялі Святлана Ціханоўская, Зянон Пазняк, Павел Усаў, Анатоль Лябедзька, Дзмітрый Шчыгельскі, Андрэй Ягораў, Вадзім Кабанчук, Юльяна Шэметавец і іншыя беларускія палітыкі. Варта адзначыць, што дыскусія адбывалася не толькі на сцэне: слова бралі і дзясяткі ўдзельнікаў з залі, дзелячыся сваім бачаннем стратэгіі. Адзін з байцоў палка звярнуўся акурат да палітыкаў: “Вы нічога не зменіце без узброеных людзей!” Таксама з залі прагучалі канкрэтныя прапановы да ўкраінскіх дэпутатаў: стаць “хроснымі” беларускім палітвязням, якіх кінулі за краты за падтрымку Украіны. Гучалі і думкі аб актыўнасці беларускіх дыяспар, так адзін з байцоў заявіў, што “калі б да беларускіх ваяроў далучыўся б хаця б 1 % ад з’ехаўшых мужчын, то яны б ужо перамаглі

Баец Палка Каліноўскага з пазыўным Дзядзька побач з Палкавым Сцягам. Фота прэс-службы Палка Каліноўскага

Рамонт аўто, экіпіроўка, падтрымка байцоў. Полк Каліноўскага паказаў выдаткі.

Асобны выступ прадстаўнік палка Каліноўскага прысвяціў грунтоўнаму дакладу аб сабраных сродках і вытратах палка, прывёў дакладныя лічбы выдаткаў на розныя катэгорыі патрэб, падзяліўся вынікамі аўдыту фінансавых дакументаў, які праводзіў Аляксей Гачкіўскі — былы старшыня аўдытарскай палаты Украіны. Выдаткі палка за амаль паўтара года склалі UAN 7 281 110,4 наяўнымі, UAN 20 390 955 па карце, USD 86 677 праз PayPal, а таксама ў крыптавалюце: BTC 3,05, TRX 2 052, ETH 9,32, USDT 34 218. Асноўная частка грошаў пайшла на рамонт аўто, запчасткі і паліва, таксама на экіпіроўку, БПЛА і сувязь. Асобным артыкулам зазначаныя сацыяльныя выплаты байцам, якія добраахвотнікі неадкладна атрымліваюць у выпадку раненняў, бо выплаты дзяржаўных кампенсацый патрабуюць часу на афармленне.

Практычны вынік: Мемарандум і Адозва да вольных народаў свету

Адным з асноўных вынікаў першага дня канферэнцыі сталі два прынятыя дакументы: Адозва да вольных народаў свету i Мемарандум. Кожны пункт у гэтых дакументах плённа прапрацоўваўся арганізатарамі мерапрыемства на працягу месяца з галоўнай мэтай — пачаць неадкладную рэалізацыю дасягнутых на канферэнцыі пагадненняў. Тэксты абодвух дакументаў былі ўспрынятыя доўгімі апладысментамі ўдзельнікаў, падпісаныя прадстаўнікамі структур-арганізатараў. Абурэнне многіх прысутных выклікаў той факт, што прадстаўнікі шэрагу палітычных структур не мелі адпаведных паўнамоцтваў і падпісалі дакументы ад уласнага імя. Такім чынам Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет маюць правесці дадатковую працэдуру ўзгаднення ў сваіх шэрагах і даслаць подпіс арганізатарам канферэнцыі “бліжэйшым часам”. Ад гэтых структур подпісы пакінулі адпаведна Анатоль Лябедзька як “дэпутат незалежнасці”, Генадзь Манько як “удзельнік аргкамітэту АПК”. Апроч чальцоў структур-арганізатараў канферэнцыі пад выніковымі дакументамі падпісаліся і прадстаўнікі іншых прысутных нацыянальна-дэмакратычных рухаў: Каардынацыйная Рада, Рух беларускіх нацыяналістаў, Байпол, Партыя БНФ, BelPol, Моладзевы блок, грамадска-палітычнае аб’яднанне “Нацыянальна-дэмакратычная платформа”

Камандзір Палка Каліноўскага «Кіт». Фота прэс-службы Палка Каліноўскага

Мяне здзівіў сам працэс падпісання дакументаў — падзяліўся ўражаннямі камандзір палка Каліноўскага, — спадзяваўся на хуткі подпіс важных дэмакратычных сілаў, але адкрытасці ў гэтым пытанні мы, на жаль, не пабачылі. Дзяніс Прохараў падкрэсліў важнасці канферэнцыі як сапраўднага шырокага дэмакратычнага сходу, дзе кожны меў магчымасць выказацца, уступіць у дыскусію. Дзяніс акцэнтаваў увагу на папулярным сярод удзельнікаў меркаванні аб важнасці ўзброеных людзей у справе нацыянальнага вызвалення:

— Канферэнцыя прадэманстравала, што полк Каліноўскага, як і іншыя добраахвотніцкія падраздзяленні, дзякуючы сваёй ваеннай дысцыпліне маюць волю хутка прымаць рашэнні і дакладна пераходзіць да іх рэалізацыі. Гэта добра дапоўніць працэсы, што сёння ідуць у дэмакратычным асяродку Беларусі.

У другі дзень канферэнцыі плануецца правядзенне працоўных груп у зачыненым фармаце.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш