04 December 2023

Ва Украіне прэзентавалі ўнiформу будучай армii Беларусі

Чырвона-зялёны лукашэнкаўскі мундзір — сімвал змрочнай адыходзячай эпохі. А якой будзе армія ў вольнай Беларусі? Гэтае пытанне абмяркоўвалася на форуме ў Луцку, дзе геральдычная рада прэзентавала ўніформу будучай беларускай армii.

19-20 лістапада ва ўкраінскім горадзе Луцку прайшоў «Форум беларускага культурнага супраціву», адным з арганізатараў якога выступiў полк імя Кастуся Каліноўскага. Форум не толькі стаў пляцоўкай для абмеркавання стратэгічных пытанняў будучыні і перспектываў беларускага войска, але і прыцягнуў увагу ўкраінскага грамадства да наяўнасці іншай, не афіцыйнай Беларусі. 

У межах форуму была прэзентавана ўнiформа будучай армii Беларусі: над ініцыятывай ужо працяглы час працуе Геральдычная рада “Пагоня“ разам з прадстаўнікамі палка Каліноўскага і іншых узброеных структур беларусаў ва Украіне. Распрацоўка і абмеркаванне вайсковых знакаў адрознення, унiформы, узнагародаў і іншых пытанняў праходзіць у фармаце вайсковай працоўнай групы.

У далейшым плануецца стварэнне вайсковай камісіі з больш шырокiмi функцыямi і наданне  беларусам, якія ваююць ва Украіне, беларускіх вайсковых званняў. Пасля звяржэння рэжыму Лукашэнкi, беларускія патрыёты з вайсковым досведам павінны заняць у новым беларускім войску пасады, якія адпавядаюць іх ведам і званням. 

Падчас імпрэзы прайшлі таксама паказы дакументальных фільмаў беларускіх рэжысёраў, выстава антываенных плакатаў беларускага мастака Уладзіміра Цэслера, а на панэльнай дыскусіі: “Супраціў. Дэакупацыя. Вольны народ” былi абмеркаваныя тэмы супраціву як формы развіцця беларускага грамадства і магчымыя сцэнары развіцця адносін памiж Украінай і Беларуссю.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш