01 February 2024
Новыя кантакты, сумесныя праекты і аб'яднанне вакол ідэі вызвалення Беларусі — такія вынікі публічных сустрэч прадстаўнікоў Палка Каліноўскага ў еўрапейскіх гарадах.
Камандзір Палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў «Кіт» і намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук правялі сустрэчы з беларусамі ў 11 гарадах Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны і Літвы. Агулам сустрэчы наведала каля тысячы беларусаў.
Асноўнымі тэмамі, якія ўздымаліся беларусамі на сустрэчах, былі тэма ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяннях ва Украіне, палітычны аспект дзейнасці Палка і тэма вызвалення Беларусі.
«Ёсць шмат непраўдзівай інфармацыі вакол вайны. У асноўным гэта вынік дзейнасці расiйскай прапаганды. Напрыклад, ходзяць непраўдзівыя чуткі аб тым, што ва ўкраінскім войску дрэннае стаўленне да беларускіх добраахвотнікаў. Мы пастараліся развеяць гэтыя ілжывыя міфы і максімальна поўна распавесці пра Полк. Ну і вядома ж, усіх беларусаў, якія прыйшлі на сустрэчы з намі, цікавіла пытанне палітычнага кiрунку дзейнасці Палка і больш шырокае пытанне — вызваленне Беларусі. Прыемна, што беларусы за мяжой не забываюць пра Беларусь, хочуць вярнуцца ў родную краіну і гатовыя змагацца за гэта» — кажа Дзяніс «Кіт» Прохараў.
У гэтым аспекце беларусаў цікавяць шляхі супрацоўніцтва з Палком. Мы прапануем шырокі спектр магчымасцей па працы ў гэтым напрамку. Гэта і рэалізацыя сумесных праектаў па розных напрамках, і валанцёрства, і праходжанне вайсковага навучання з далейшым знаходжаннем у нашым рэзерве і непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях у складзе Палка. І па выніках сустрэч мы з беларусамі Еўропы пачнем разам рэалізацыю некалькіх патрэбных ідэй».
«Гэтыя героі — мая надзея, што зло прайграе». Як прайшлі сустрэчы з дыпламатамі
Паездкі з'яўляліся часткай стратэгіі па аб'яднанні беларусаў вакол ідэі вызвалення роднай краіны. Раней з гэтай мэтай Палком імя Каліноўскага ў Кіеве была арганізавана канферэнцыя «Шлях да волі». «Для вызвалення Беларусі патрэбны не толькі ваенны аспект, але і палітычная праца. У час нашай паездкі па еўрапейскіх гарадах прайшлі кансультацыі са структурамі, якія падпісалі Мемарандум па выніках канферэнцыі. Запланаваны далейшыя сумесныя дзеянні» — кажа Вадзім Кабанчук.
Каліноўцы правялі шэраг сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі. Так, у Празе беларусы сустрэліся з былым намеснікам міністаркі абароны і цяпер урадавым упаўнаважаным па рэканструкцыі Украіны Томашам Копэчным, кіраўніком знешнепалітычнага камітэта палаты дэпутатаў чэшскага парламента Марэкам Жэнiшэкам i дэпутатам парламента Ондржэем Коларжам, публіцыстам і філосафам Пятром Главачэкам.
Пасля гэтай сустрэчы кіраўнік знешнепалітычнага камітэта палаты дэпутатаў чэшскага парламента Марэк Жэнiшэк напісаў у сябе на старонцы ў Твітэры (цяпер «Х»): «Гэтыя героі — мая надзея, што зло прайграе».
Акрамя таго, дэпутаты перадалі беларускім ваярам прывітанне ад прэзідэнта Чэхіі Пятра Паўла. Ён таксама хацеў бы прыняць удзел у сустрэчы дэпутатаў з беларускімі добраахвотнікамі, але праз шчыльны графік зрабіць гэтага не змог. Аднак запрасіў беларусаў на сустрэчу падчас iх наступнага прыезду.
Ва Уроцлаве ваяры мелі размову з дэпутатам польскага Сейма Міхалам Яросам.
«Акрамя таго, падчас сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі нам удалося наладзіць новыя кантакты і дасягнуць канкрэтных дамоўленасцяў» — дадаў Кабанчук.
З 21 студзеня па 1 лютага беларускія ваяры правялі сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, Лодзі, Кракаве, Уроцлаве, Празе, Берліне, Познані, Быдгашчы, Гданску, Беластоку і Вільні.
01 June 2024
20 May 2024
15 May 2024
13 May 2024
09 May 2024
01 May 2024
Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам