11 July 2022

Васіль «Сябро» Парфянкоў 26 чэрвеня знік без звестак

«Мне крыўдна чытаць пасты, у якіх пішуць, што беларусы здраднікі, што беларусы для іх памерлі. Але мы не памерлі, мы тут.» – беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў.

Баец Палка імя Кастуся Каліноўскага Васіль «Сябро» Парфянкоў падчас бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня знік без звестак. Сябро разам з іншымі беларускімі ваярамі, атрымалі загад правесці выведку, падчас якой яны трапілі на пераважаючы сілы рускіх войскаў. Завязаўся бой, далейшы лёс Васіля невядомы.

Васіль Парфянкоў – грамадскі актывіст, палітвязень – за ўдзел у пратэсце 19 снежня 2010 году, быў асуджаны на 4 гады строгага рэжыму. У 2015 годзе добраахвотнікам паехаў ваяваць на Данбас, бо ужо ў той час быў упэўнены, што вызваленне Беларусі магчыма толькі праз вызваленне Украіны. Прымаў удзел у баявых дзеяннях у складзе ўкраінскага батальёну АУН, быў паранены. Пасля пачатку паўнамасштабнага ўварвання ва Украіну далучыўся спачатку да сяброў з АУН з якімі ваяваў падчас АТО, а пасля утварэння Палка імя Каліноўскага, стаў у яго шэрагі.

У Васіля засталася жонка і двое дзяцей. Апошняя іх размова з жонкай Алёнай, адбылася 24 чэрвеня. Яна распавядае, што Васіль ніколі не скардзіўся на цяжкасці, стараўся яе падбадзёрыць, расказваў пра надвор’е, пра саслужыўцаў, жартаваў, планавалі паездку ў Грузію пасля вайны. Алёна падкрэслівае, што галоўнымі рысамі характэра Васіля былі: абвостранае пачуцце справядлівасці, нецярпімасці да хлусні, прынцыповасць, гонар і годнасць. Ён выразна бачыў сваю мэту і шлях да яе. «У палон ён ніколі б не здаўся. Ён жыў героем і загінуў героем» -кажа яна.

Афіцыйна Васіль Парфянкоў лічыцца зніклым без вестак, але прааналізаваўшы варожыя фота-відэа матэрыялы, кіраўніцтва Палка прыйшло да высноваў, што верагодна ён загінуў на полі бою.

Героі не паміраюць, пакуль мы іх памятаем!

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш