22 August 2022

Навіны тыдня 15-21.08 Прэс-рэліз № 8

Прэс-рэліз № 8: баявыя ўзнагароды, батальён Ліцвін,змены ў складзе Палка, адказы на пытанні

Ваяры Палка Каліноўскага працягваюць выконваць баявыя задачы на франтах расейска-украінскай вайны. Доблесць добраахвотнікаў Палка была высока ацэнена камандаваннем Узброеных сіл Украіны. За беспрэцэдэнтную мужнасць, якая была праяўлена каліноўцамі пры выкананні задачы ў Севераданецку, чацвёра байцоў батальёна «Волат» рашэннем камандавання былі прадстаўлены да баявых узнагарод.

Цягам прошлага тыдня Полк Каліноўскага зведаў пэўныя змены ў сваім складзе. Як мы ўжо паведамлялі, частка батальёна “Тэрор” была адасоблена ад Палка з захаваннем за сабой назвы падраздзялення «Тэрор». Гэтыя перамены не закранулі баяздольнасць і еднасць нашага Палка. Кожны баец мае права на асабістую кропку погляду ў разнастайных пытаннях, але ў кожнага з нас адзіная мэта якая з’яўляецца фундаментам Палка. Мы вызваляем Беларусь праз вызваленне Украіны. Словы Зарока, які даюць добраахвотнікі, адлюстроўваюць думкі і пачуцці кожнага беларуса, які прыняў рашэнне ўзяць у рукі зброю, каб супрацьстаяць нашаму агульнаму ворагу.

Адзначым, што колькасць беларусаў, якія гатовыя са зброяй у руках даць адпор расейскай навале, няўхільна расце. На мінулым тыдні на базу прыбыла новая група рэкрутаў, якія ўжо залічаны ў вучэбную роту і пад кіраўніцтвам інструктараў прыступілі да навучання.

У складзе Палка Каліноўскага сфармаваны батальён «Ліцвін». У хуткім часе ваяры батальёна будуць выконваць баявыя задачвы на фронце.

Звяртаем увагу, што невысокі ўзровень фізпадрыхтоўкі не зʼяўляецца перашкодай для залічэння ў Полк. З усімі навабранцамі працуюць дасведчаныя інструктары, якія практыкуюць індывідуальны падыход да кожнага. У тым выпадку, калі першапачатковы ўзровень невысокі, інструктар прапануе план трэніровак, пры якім нагрузкі павялічваюцца паступова. Неабходная фізічная форма набываецца хутка.

Даволі значная частка нашых ваяроў гаворыць па-беларуску. Пры гэтым многія з іх поўнасцю перайшлі на беларускую мову ў самым пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Трэба заўважыць, што колькасць каліноўцаў, якія размаўляюць па-беларуску, увесь час расце. Таксама трэба адзначыць, што ўся дакументацыя Палка вядзецца выключна на беларускай мове.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш