29 August 2022

Навіны тыдня 22-28.08 Прэс-рэліз № 9

Прэс-рэліз № 9: навіны з фронту, Дзень Незалежнасці, баявы сцяг ад Рады БНР, медыцынскае абслугоўванне

Полк Каліноўскага працягвае выконваць баявыя задачы на Паўднёвым напрамку фронта. Нашы воіны наносяць удары па варожых пазіцыях, жывой сіле і тэхніцы расейскіх захопнікаў. Так, у выніку выканання адной з баявых задач два разлікі ПТРК батальёна "Волат" знішчылі ўмацаваную пазіцыю ворага разам з буйнакаліберным станкавым кулямётам ДШК, мадэрнізаваным кулямётам Калашнікава і боекамплектам. Таксама расейцы страцілі малатанажны грузавы аўтамабіль .

На мінулым тыдні, 24 жніўня, Украіна адзначала адно з найважнейшых дзяржаўных святаў - Дзень Незалежнасці. У гэтым годзе парад, які традыцыйна праводзіцца ў гэты дзень, быў асаблівым. У цэнтры Кіева ўсталявалі знішчаную ваенную тэхніку расійскіх акупантаў, якія, выхваляючыся, заяўлялі, што возьмуць украінскую сталіцу за тры дні. Беларусы-каліноўцы плеч-оплеч з украінцамі напачатку поўнамаштабнага ўварвання ўсталі на шляху ворага на подступах да сталіцы і сёння працягваюць змагацца за "нашу і вашу свабоду" на франтах расійска-украінскай вайны.

25 жніўня свой Дзень Незалежнасці магла б святкаваць Беларусь. У гэты дзень у 1991 годзе Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь набыла статус канстытуцыйнага закону. Аднак сёння нашая краіна фактычна знаходзіцца пад акупацыяй. Мэта Палка Каліноўскага – вызваліць Беларусь і вярнуць ёй сапраўдную незалежнасць.

25 жніўня ў Палку Каліноўскага адбыўся ўрачысты воінскі рытуал прыняцця Баявога сцяга палка – сімвала гонару і доблесці, традыцый і прызначэння падраздзялення. Гэты асвечаны ў катэдральным саборы ў Вільні сцяг Рада БНР уручыла Палку Каліноўскага ад імя беларускага народа. У гэты дзень ваяры-каліноўцы атрымалі спецыяльныя шаўроны падраздзялення.

Рэкруты, якія нядаўна прыбылі ў Полк і былі залічаныя ў вучэбную роту, далі Зарок на вернасць радзіме, пакляліся змагацца да таго часу, пакуль Беларусь не здабудзе свабоду ад знешняга і ўнутранага ворага.

Штат медыкаў Палка Каліноўскага папоўніўся рэкрутамі з профільнай адукацыяй. Пасля праходжання абавязковай ваеннай падрыхтоўкі ў складзе вучэбнай роты яны неўзабаве пачнуць працаваць на фронце ў галіне тактычнай медыцыны.

У Палку ёсць людзі розных поглядаў і светапоглядных установак. Магчыма, у мірным жыцці ім складана было б знайсці паразуменне. Аднак зараз усіх байцоў Палка, незалежна ад іх поглядаў, аб'ядноўвае адна мэта. Усе воіны прыйшлі ў Полк, каб супрацьстаяць агульнаму ворагу Украіны і Беларусі - расеi і змагацца за вызваленне нашай радзімы ад дыктатарскага рэжыму лукашэнкі.

У сярэднім раз на месяц у Полк прыбывае вялікая група добраахвотнікаў. З іх фармуецца чарговы склад вучэбнай роты. Акрамя гэтага, пэўная колькасць рэкрутаў далучаецца да Палка кожны тыдзень. Рэкруты, якія прыбылі пазней, гэтак жа залічваюцца ў вучэбную роту і трэніруюцца па індывідуальным плане, каб падцягнуцца да ўзроўня тых, хто прыступіў да заняткаў раней.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш