02 September 2022
Дзённік Каліноўца. Сабака Шэры.
Вяртаемся з задачы з гораду, назву якога ведае кожны, хто не «стаміўся ад вайны». Заплечнікі сабраны – быццам нічога не згубілася. Машыны ўсе на хаду: выезд, мабыць, не зрушыцца з «рана раніцай» на «пасля абеду».
А я сяджу з тэлефонам у руках. Чакаю адказу на свае паведамленне ад камандзіра батальёна. І гэта – вельмі-вельмі асабістае.
Калі мы толькі прыехалі, першая лакацыя, з якой мне трэба было вызначыцца, – мясцовы шпіталь. Калі што – я вайсковы медык, працую на эвакуацыі параненых. А яшчэ я не люблю прасіць дапамогі, калі магу справіцца сама. Таму вырашыла адправіцца на выведку пешшу – без машыны і, адпаведна, без байца за стырном.
Цяпер тут ціха. А наогул, гэта мястэчка раз-пораз накрывае арта. Ідзем. Раптам з-пад нейкага плота проста нам пад ногі выкочваюцца два белыя шарыкі. Пасля яшчэ тры. І яшчэ адзін. Шэсць маленечкіх шчанюкоў: чацвёра светленькіх, адзін шэры і адзін чорны.
Франтавыя сабакі і коцікі – гэта асобная тэма. Скажу сцісла – на іх тле псіхатэрапеўты проста адпачываюць. Мяркую, вы ўжо здагадаліся: як толькі ў нас выдавалася вольная хвілінка, мы рассоўвалі па кішэнях ласункі і адпраўляліся да нашых шчанюкоў.
Шэры малы чамусьці запаў мне ў душу. Бывае такое: ты адчуваеш, што гэта тваё-тваё!
Калі настаў час ад'езду, я зразумела, што пакарміць Шэрага на развітанне, пакалашмаціць яго за лепшыя ў свеце вушы, а потым сысці, у мяне не хопіць сілы. Я напісала камбату: «Дазволь мне забраць Шэрага з сабой на базу», – і ўжыла забаронены прыём: прымацавала відэа. Бачылі вочы ката са «Шрэка»? Ведайце – гэта нішто ў параўнанні з поглядам майго Шэрага! Уф! Самы лепшы ў свеце камбат плюсануў! Шэры зараз афіцыйна мой сабака!
Шэры пакуль яшчэ зусім малы, які любіць усіх і зусім не баіцца абстрэлаў, жыцця без якіх ён проста не ведае. Я думаю, што ён зможа навучыцца знаходзіць параненых байцоў. Так што экіпаж нашага эвака неўзабаве можа папоўніцца жаўнерам Шэрым.
01 June 2024
20 May 2024
15 May 2024
13 May 2024
09 May 2024
01 May 2024
Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам