08 September 2022

Прэм'ера кліпа да Дня беларускай вайсковай славы

Сёння Полк Каліноўскага прадстаўляе кліп на песню культавага ўкраінскага фолк-рок гурта Тінь Сонця "Перамогі сцяг". Многім беларусам і ўкраінцам добра вядомы легендарны трэк гэтага гурта "Меч Арэя". Украінскіх музыкаў натхніў подзвіг беларускіх добраахвотнікаў, якія з 2014 года разам з украінцамі адбівалі напад расійскай арды на землі свабоднай краіны, а ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання сфармавалі Полк імя Кастуся Каліноўскага ў складзе ЗСУ. У выніку - у "Меча Арэя" з'явілася беларуская версія: "Перамогі сцяг", адмыслова прысвечаная нашым ваярам.

Прэм'ера кліпа прымеркавана да слаўнай даты беларускай гісторыі. 8 верасня 1514 года войска Вялікага Княства Літоўскага ўшчэнт разграміла пад Оршай войска Маскоўскага княства. Перамога ў Аршанскай бітве сарвала захопніцкія планы Масквы і зрынула ў прах імкненне маскавітаў падпарадкаваць сабе наш вольны народ. 8 верасня - у дзень вялікай перамогі беларускай зброі - мы адзначаем Дзень нашай вайсковай славы.

У кліпе "Перамогі сцяг" перад вамі разгортваюцца чатыры эпохі, адзначаныя векапомнымі подзвігамі нашых ваяроў. У галоўнай ролі заняты ваяр-каліновец з пазыўным "Булак", які з самага пачатку поўнамаштабнай вайны ўстаў у шэрагі абаронцаў Украіны і быў сярод герояў, якія адстаялі Кіеў.

Кожная эпоха нараджае сваіх герояў. Адважны рыцар, меч якога здабывае славу, знішчаючы маскоўскіх захопнікаў у бітве пад Оршай. Паўстанец, які побач з Кастусём Каліноўскім ідзе ў бой "за нашу і вашу свабоду", дакладна разумеючы, што толькі тады шчасліва зажыве яго народ, "калі маскаля над ім больш не будзе". Жаўнер Слуцкага Збройнага чына, які ўстае на шляху крывавых бальшавіцкіх зграй, што імкнуцца знішчыць незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Баец Палка Каліноўскага, які ў пякельнай бітве за Кіеў ахвяруе сабой, каб не прапусціць ва ўкраінскую сталіцу шалёных расейскіх сабак. Эпохі змяняюць адна адну, але мужнасць і гераізм - гэта тое, што застаецца нязменным. Вораг таксама той самы.

Разам ды перамогі!

Беларусь перадусім!


Полк Каліноўскага выказвае сардэчную падзяку Нацыянальнай кінастудыі мастацкіх фільмаў імя Аляксандра Даўжэнкі і Клубу сярэднявечнага мечавага бою Айна Бера (Кіеў) за прадстаўленыя касцюмы і рэквізіт, а таксама Нацыянальнаму музею народнай архітэктуры і побыту Украіны за прадастаўленне сваёй тэрыторыі для здымак.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш