13 October 2022

Мёд ад франтавых хвароб

Мёд ад франтавых хвароб.

Аднаго дня захварэў мой пабрацім з пазыўным «Дзяцюк». Надвор'е тыдзень ужо як сапсавалася: вецер прабіраў да костак, дождж ішоў штодня, сырасць у акопах пастаянная, ну дзе тут не захварэеш? Мокрыя ногі – мастхэв тых тыдняў.

Але ж злёг ён амаль перад самым нашым выхадам на задачу, таму «Дзяцюк» спытаў у мяне з хлопцамі, ці не маем мы мёду. Ён разумеў, што на некаторы час застанецца адзін і хацеў падлячыцца, каб наступны раз пайсці разам з намі. Мёду не было, але я паабяцаў знайсці баначку і прывезці яму крыху пазней, бо ведаў як ён да мёду адносіцца. «Дзяцюк» заўжды казаў, што мёд – лечыць амаль усе франтавыя балячкі. Мы яшчэ з хлопцамі жартавалі, што калі не дай бог кагосьці з нас параняць, ён нават не думаў мазаць рану мёдам, а наклаў турнікет.

Апусціўшы некаторыя дэталі нашай задачы ў мэтах захавання ваеннай таямніцы, скажу што пасля яе выканання мёд я ўсё такі знайшоў.

Вязу гэты мёд ужо на пазіцыі і тут як засвішча з усіх бакоў! Разумею – абстрэл! Як трымаў той слоік у руках, так і вылецеў з машыны, прыціснуўся разам з ёй да зямлі.

Калі абстрэл крыху сціх, я сабраўся да кучы і зразумеў, што атрымаў не слабую кантузію. Не ведаю як, але слоік мёду захаваўся цэлым.

Не памятаю цалкам, як апынуўся на месцы, але памятаю, як «Дзяцюк» узяў з маіх рук мёд, абняў мяне… Потым лячылі ўжо мяне, але ж і слоік мёду пабраціму дапамог.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш