20 October 2022

Страляць у спіну?

Я браў удзел у штурме вёскі на поўдні Украіны. Аперацыя прайшла паспяхова, вёска вярнулася пад кантроль Украіны, акупантаў выгналі.

Калі баі ўціхлі, а рускія, пакінуўшы нам вялікую колькасць свайго БК, уцяклі ў бок «парэбрыка» мы аглядалі вёску на прадмет расцяжак і замініраваных памяшканняў. Падыходзячы да чарговай хаты, раптам я бакавым зрокам заўважыў, як з суседняга хлява выскачыў рускі салдат у адной бялізне і з аўтаматам у руках. Ён з ашаломленым позіркам агледзеўся, убачыў мяне, спачатку падняў рукі, потым кінуў на зямлю аўтамат і рэзка стаў уцякаць у бок лесу. Відаць, спалохаўся казак пра фашыстаў і пабаяўся, што я яго замучу ці што там было ў яго ў галаве цяжка зразумець. Наогул цяжка зразумець, што ў іх усіх у галовах, калі яны прыйшлі на чужую зямлю.

Дык вось ён бяжыць, а я стаю крыху ашаломлены. Ну не чакаў убачыць ваяра «другога войска міру» у адных трусах. Адлегласць ад мяне была метраў сто, сто пяцьдзясят. У прынцыпе з такой адлегласці я кладу з аўтамата палову магазіна ў ліст А4. Я з лёгкасцю б яго мог застрэліць. За ўсё тое гора, якое яны прынеслі на Украінскую зямлю… Гэта быў вельмі цяжкі выбар. Але рука не паднялася. Уцёк.

Вы там «оркі» ведайце, калі сустрэнеце такога ж як вы вырадка, толькі ў адных трусах – гэта мой. За жыццё няхай дзякуе ваяру палка Каліноўскага.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш