27 October 2022

«Мая куля»

Быў цяжкі бой пад Лісічанскам.

Пасля «кантакту» з ворагам сувязь са штабам была страчана, мы панеслі страты. Пачалі адыходзіць.

Я адпаўзаў да «зялёнкі» пад шквальным агнём варожага кулямёта: кулі ляцелі літаральна над галавой, я прама чуў іх непрыемны свіст. Поўз, уціскаючыся ў зямлю, практычна ўзараўшы дзёрн.

У нейкі момант я адчуў паленне ў назе. Патрапіў гад! Я адразу зразумеў, што мяне параніла. Дзіўна, але болі я не адчуў, мабыць адрэналін згуляў сваю ролю. У поўнай экіпіроўцы я прапоўз недзе 600 метраў. Ведаеце, 600 метраў ад дома да крамы – гэта блізка, 600 метраў прабегчы за ад'язджаючым аўтобусам – гэта лёгка, 600 метраў прайсці ад бара да бара – гэта нават весела. Але з раненнем і пад агнём – гэта жудасна доўгая дыстанцыя! Мне прыйшлося кінуць усю экіпіроўку і пакінуць толькі аўтамат, рацыю і тэлефон, інакш да кропкі эвакуацыі я проста не дацягнуў бы.

Раптам я пачуў, што нехта бяжыць па дарозе. Я вырашыў не рызыкаваць і не ўдакладняць свае гэта ці не. Прыкінуўся мёртвым. Выратавала.

Я ўстаў і з апошніх сіл пайшоў да месца эвакуацыі, якое знаходзілася за тры кіламетры. Адкуль я тады браў сілы, не ведаю да гэтага часу.

Перад самай кропкай эвакуацыі мяне сустрэлі ЗСУ. Тут жа завялі да медыка. Медык мяне агледзеў, разрэзаў шнуркі і зняў берцы. З аднаго адразу ж палілася кроў і выпала куля.

  • Трымай! Твая куля!

Я сціснуў кулю ў руцэ і адключыўся.У выніку ў мяне пералом ступні. Хадзіць ужо магу. Хутка вярнуся ў строй.

Трэба вярнуць кулю оркам зваротна. Пажадана не адну.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш