05 January 2023

Чорны новы год

Перад святамі сабралі з пабрацімамі прадукты для людзей, што ўсё яшчэ застаюцца ў горадзе N, які днём і ноччу абстрэльваецца, а лінія фронту праходзіць за кіламетр. Горад пагружаны літаральна ў змрок: пыл ад тэхнікі, якая бясконца перасоўваецца, дым ад прылётаў, бруд і аскепкі пад нагамі, абгарэлыя будынкі. А людзі ўсё роўна там жывуць... Спрабуюць жыць...

Сабралі тое, што было на нашым складзе: крупы, рыс, кансервы, зусім няшмат цукерак. Дзеці там таксама застаюцца.

Заязджалі ў горад і мяне наведала дзіўная думка - мо мы неяк пакрыўдзім кагосьці, прапаноўваючы бясплатна прадукты? Заехаўшы туды - я зразумеў, што гэта была думка з мірнага жыцця. З жыцця, дзе ты можаш выбраць што есці, што піць, куды пайсці. З жыцця, дзе ты можаш усё набыць.

Спынілі машыну, як толькі пабачылі бабулю, якая, як ні ў чым не бывала, сядзела ля дома на лавачцы. Як быццам не стаяць пад горадам цэлыя зграі рускіх мобікаў і вязняў усіх масцяў. Як быццам яны не лезуць на яго ўскраіны, як у кіно пра зомбіапакаліпсіс. Адчыняю багажнік і пытаю, ці патрэбныя прадукты? Пакуль бабуля ішла да машыны, з дамоў сталі з’яўляцца жыхары.

Людзі практычна збягалісь. Працягваюць рукі - я аддаю. Працягваюць рукі - я аддаю. Удзячныя падлеткі, жанчыны, мужчыны. Дзіўна, але людзі здавалісь мне нейкімі чорнымі. Чорныя твары. Не ад бруду. Ад гора.

«Внучёк! Слышишь?»

«Да…»

«А конфеток нету? Так сладкого, хоть чего хочется…»

«Нету, бабушка… Отдал всё, что есть…»

Бабуля павольна сыходзіць. А ў мяне было салодкае. Невялічкая скрынка цукерак. Я заўважыў у натоўпе хлопчыка. Маленькага. Аддаў яму…

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш