04 February 2023

Кантузія

Едзем па Бахмуту. ДамЫ разбітыя, чорныя. Вокны выбітыя і праз іх бачна, як спынялася жыццё. Вось нехта развесіў бялізну сушыцца - зняць ужо не паспеў. Хтосьці глядзеў тэлевізар - даглядзець любімую праграму ўжо не паспеў. Хтосьці не паспеў прачнуцца. Праязджаем варонкі ад прылётаў. Яны вялізныя, залітыя вадой, і здаецца, што гэта маленькія азёры... Разбітыя кафэ, банкі, гандлёвыя цэнтры. А людзі жывуць. Чаму не з'язджаюць? Чаму не вывозяць дзяцей? Няма куды? Баяцца пакінуць дом? Ці кагосьці чакаюць?.. Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне няма.

Спыняемся. Я адчыняю вакно машыны, каб крыху падыхаць свежым паветрам, хоць яно і аддае пылам і гарам. Раптам - БАХ!

Зазвінела ў вушах. Усё неяк замарудзілася. Прыкладна праз хвіліну ў скроні сталі ўразацца татуіравальныя машынкі. Взззззз. Першы раз такое адчуваю. Да машыны падбягаюць мае пабрацімы.

  • Як ты?

  • Нармальна…

  • Зможаш ехаць?

  • Так…

Вззззз. Цела крыху ватнае, як быццам цябе званітавала. Едзем на базу. Хлопцы размаўляюць у машыне, я іх чую, але неяк дзіўна, з рэхам нейкім… Вззззз. Імкнуся кантраляваць машыну, усю канцэнтрацыю аддаю на дарогу.

Прыехалі. Выйшаў з машыны. Выдыхнуў. Паварочваю галаву налева – карцінка даплывае са спазненнем. Паварочваю галаву направа - зноў разумею, што карцінка не паспявае за галавой. Взззз. Іду да свайго месца. Заходжу ў цёмнае памяшканне і разумею, што не арыентуюся. Вось жа я ўжо сто разоў хадзіў па ім, а зараз не магу зрабіць крок. Вззззз. Раблю крок назад да святла. Прашу хлопцаў дапамагчы дайсці…

Вззззз…

Са мной усё добра. Мяне на месцы ж агледзелі, далі выпіць лекі, паклаўся спаць. Калі прачнуўся, карцінка стала на месца, татуіравальныя машынкі ў скронях зніклі. У параўнанні з кантузіямі і параненнямі, якія атрымліваюць нашыя хлопцы - гэта быў проста лёгкі спалох. Але я запамятаю яго на ўсё жыццё.

Дапамагчы Палку!

Шукаем тых, хто гатовы дапамагаць беларускім добраахвотнікам

Даведацца больш